Беларускія народныя рухомыя гульні

У Мар’інай Горцы згулялі ў беларускія народныя рухомыя гульні
18 мая 2019 года на галоўным стадыёне горада Мар’іна Горка (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) прайшлі фінальныя спаборніцтвы спартыўна-адукацыйнага праекта БДПУ «Беларусіяда» сярод каманд усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Пухавіцкага раёна. Вучні нашай школы таксама прынялі ўдзел у гэтых спаборніцтвах.

     У фінале згулялі 24 каманды (а гэта больш за 150 школьнікаў) – пераможцы паўфінальных спаборніцтваў, што праходзілі ў розных установах адукацыі Пухаўшчыны з канца лютага па сярэдзіну мая, – расказаў прэс-службе БДПУ дэкан факультэта фізічнага выхавання Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч.
     «Беларусіяда» ўяўляе сабой спаборніцтвы па беларускіх народных рухомых гульнях, выбраных па прынцыпах беларускіх традыцый, распаўсюджанасці па рэгіёнах, відовішчнасці. У сёлетнюю праграму «Беларусіяды» на Пухаўшчыне трапілі «Лапта» – актыўная і захапляльная гульня на спрытнасць і кіданне ў цэль, «Дзень-ноч» – спаборніцтва на хуткасць, «Пальчатка» – гульня-стратэгія на вытрымку і хуткасць, «Перацяжкі» – сілавое спаборніцтва з традыцыйнымі правіламі.
     Ужо восьмы год запар падрыхтоўка і правядзенне спабоніцтваў сярод студэнтаў і школьнікаў у межах праекта «Беларусіяда» з’яўляецца адным з практычных заданняў заліку і экзамену студэнтаў, якія навучаюцца на факультэце фізічнага выхавання па спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)». Так што «Беларусіяда» – не толькі цікавы фізкультурна-аздараўленчы праект БДПУ, але і своеасаблівая творчая лабараторыя, дзе будучыя спартыўныя рэжысёры вучацца і на практыцы спасцігаюць методыку арганізацыі масавых спартыўна-мастацкіх прадстаўленняў, – адзначыў аўтар праекта «Беларусіяда», старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Анатоль Віктаравіч Дрыгін. 

Вынікі спаборніцтваў па беларускіх народных гульнях сярод каманд усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Пухавіцкага раёна:
Гульня «Лапта»:

1 месца – Ананіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа;
2 месца – Бор-Слабоцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа;
3 месца – Дрычынская базавая школа.

Гульня «Пальчатка»:

1 месца – сярэдняя школа № 3 г. Мар’іна Горка;
2 месца – Мар’інагорская гімназія;
3 месца – Грэбенская базавая школа.

Гульня «Дзень-ноч»:

1 месца – Мар’інагорскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа;
2 месца – сярэдняя школа № 2 г. Мар’іна Горка;
3 месца – Блонская сярэдняя школа.

Гульня «Перацяжкі»:

1 месца – Шацкая сярэдняя школа;
2 месца – Дукорскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа;
3 месца – Зазерская сярэдняя школа.

Віншуем пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў!

Па матэрыялах сайта bspu.by

Учитель

Все записи автора